СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)